ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.: Клюсаў Г.Н., Юрэвіч АЛ. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972; Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.
т. 7, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)